"А я іду..." верш Міхася Чарота

 А я іду...

Шалёны вецер сьвішча ў полі...
Маланка зьзяе... гром грукоча...
Мо' не дайду туды ніколі,
Але ў няволі жыць ня хочу.

У зімову сьцюжу сьнег заносіць...
Ня бачу сьвету ў завірхах...
Але наш край свабоды просіць,
Хай моцны будзе целам, духам.

Я сын яго. Дзіця я працы,
Такіх як я - нас шмат - мільёны;
Мы зможам ворага ў палацы...
А вы рагочаце, паяцы,
І кажаце, што я - шалёны.

Шалёны, - кажаце, - шалёны,
Як вецер той, што ў полі сьвішча...
Затым, што там, дзе плач і стогны,
Ня біў я ворагу паклоны,
А справіў сьмерці баль-ігрышча.

А хто рагоча? Той, хто ўчора,
Як я, глядзеў на сьвет з-за краты,
Хто чару піў са мною гора...
Сягоньня трус ён стаў, прытвора,
Гатоў свайго-ж прадаці брата...

Мой цяжкі шлях...Ваюю з бурай...
Схіляе вецер, як былінку...
Часамі сьпеў душы - віхура - 
Прымусіць доўга быць панурым,
Нібы бяздольну сірацінку.

Але змагаю ўсе няўзгоды,
У даль імкнуся без спачыну...
У ясны дзень і непагоду
Кладу я шлях свайму народу.
Пакуль ў сьнягох жыцця ня згіну.

Хутчэй з заходу сонца ўзойдзе,
Чым край наш будзе ў няволі...
Аб час мінулы ў народзе
Дудар свой сумне спеў заводзе...
Тойчас ня прыйдзе ўжо ніколі.

Пра гэты-ж час вайны крывавай
Расказа лірнік казку сьвету,
Хто быў тут правы, хто няправы...
Аб гэтым зашуміць дубрава,
І гучны верш пяўца-поэта...

...І я іду... Гудуць мяцелі...
Мо' імі буду я занесен...
Мільёнам ў гурбах ногі млелі, Пасьля ім кулі песьні пелі...
І больш - яны ня чуюць песень.

21.01.1922
Міхась Чарот (Кудзелька)

Арфаграфія і сінтаксіс захаваныя. Прыведзена паводзе зборніка вершаў Міхася Чарота "Завіруха" 2-е выданне, 1929 год.

Комментарии

Найбольш папулярны пост

"На шляху адраджэньня" верш Міхася Чарота