"На шляху адраджэньня" верш Міхася Чарота

 На шляху адраджэньня

Не страшна мне зусім
Мінулых дзён пазбытая няволя...
Я ад яе уцёк, замкнуўшы за сабою
Жалезныя вароты...
І блукаю цяпер між небам і зямлёю,
Нібы жабрак сьляпы, хаджу я каля плоту
І вобмацкам шукаю долі...
Ужо даўно
Праз чорны дым паўдзённага туману
Гляджу я ў потнае вакно
Вялікай будучыны...
Мне хочацца разьбіць яго...разьбіць і глянуць, - 
Якія колеры хварбуюць новы сьвет?..
Вы чуйце: я - поэт,
Але мяцеліцы сьвінцовых куль
Я не баюся...
Схаваныя ў магілах гурбы цел,
Ня многа вырастуць, калі там лягу я...
Наперад рвуся!..
Змагаюся бязконца,
Пакуль,
Ня ўбачу яснага з-за хмар няпраўды сонца.
Я ведаю, што вас пужаюцькрыкі
Маёй душы,
Бо я свабодны сын,
Спрадвеку стогнучых, пакрыўджаных людзей...
Ад слоў маіх загіне бог ваш,
Бог вялікі,
І сьветам уладаць ня будзе ён адзін...
За мною шмат ідзе, - з адвагаю і сьмела!
Чым больш людзей - дарога карацее...
Цяпер я блукаю, шукаю новы сьвет.
Гляджу ў вакно, дзе з кожным днём святлее.
Мой шлях - чырвонай плямы сьлед...
Я - поэт!
І гэтыя сьляды вільготнага пяра,
Чырвонай стужкаю таксама мітусяцца...
Але мой кліч да вас: "пара!..
Чаго пужацца?!"

1921 г.
Міхась Чарот (Кудзелька)

Арфаграфія і сінтаксіс захаваныя. Прыведзена паводзе зборніка вершаў Міхася Чарота "Завіруха" 2-е выданне, 1929 год.

Комментарии